Састарэлы компас альбо Чаму я не анархіст
Знаёмства з палітыкай выключна праз сацыяльныя сеткі да дабра не даводзіць.
Людзі не могуць без класіфікацый і стэрэатыпаў. Яны патрэбныя для таго, каб хоць неяк упарадкаваць навакольны свет. Бо ён – на радасць і на бяду адначасова – занадта складаны, каб мы змаглі зразумець яго ва ўсёй ягонай разнастайнасці.
Гэта слушна таксама і для палітычнай сферы: для арыентацыі ў поглядах і ідэйных накірунках чалавеку патрэбны компас: аналітычны інструмент, які дапаможа класіфікаваць і назваць тыя ці іншыя сістэмы палітычных думак.
Аднак у выкарыстанні такога компаса нас чакаюць дзве небяспекі.
Французская спадчына
Па-першае, калі мы пачынаем празмерна спрашчаць нашую рэчаіснасць, каб зразумець яе, мы ствараем стэрэатыпы. Гэтыя стэрэатыпы часта спрычыняюцца да вульгарызацыі феноменаў нашага жыцця. І тым самым – ужо скажаюць рэальную карціну свету, замест таго каб дапамагаць яе зразумець.
Па-другое, і гэта асабліва верна для гуманітарных навук – са зменамі ў грамадстве старыя «навігацыйныя інструменты» безнадзейна старэюць. Аднак людзі працягваюць імі карыстацца: дзесьці па звычцы, дзесьці з-за прастаты ў эксплуатацыі. Вобразна кажучы: змяніўся ўжо і ландшафт і магнітныя лініі зямлі, а чалавек усё працягвае карыстацца компасам і папяровай мапай, замест таго, каб узяць GPS-навігатар. Відавочна, што з такім інструментарыем да ісціны не прыйдзеш.
Дзвесце пяцьдзясят год таму, падчас Вялікай французскай рэвалюцыі ў нацыянальным Канвенце (правобразе парламента) сталася так, што арыстакраты і духавенства, людзі, кроўна зацікаўленыя ў захаванні феадальна-манархічнага ладу, сядзелі справа. А іхнія праціўнікі: жырандзісты (сярэдняя буржуазія) і якабінцы (дробная буржуазія і працоўныя) – злева.
Гэтак з тых часоў і павялося па ўсім свеце: прыхільнікаў кансервацыі старых парадкаў сталі зваць правымі, прыхільнікаў пераменаў, дэмакратызацыі, прагрэсу – левымі.
Аднак тое было 250 год таму. За гэты час палітычны ландшафт Эўропы змяніўся непазнавальна. Палітыка-філасофская думка сышла далёка наперад. Зрэшты і ўсе партыі, групоўкі і рухі, што левыя, што правыя прайшлі мноства цыклаў нараджэння і смерці, як пухіры воску ў лава-лампе, плавячыся і нараджаючыся нанова
Беларуская прызма
У Беларусі усе гэтыя працэсы набываюць сваю вельмі скажоную афарбоўку па той прычыне, у нас ніколі не было канвенцыянальнай палітыкі, як яе прывыклі бачыць на Захадзе: са свабоднай прэсай, сумленным падлікам галасоў і дэмакратычнымі інстытутамі.
У пытаннях палітычнага самавызначэння, апрапрыяцыі ярлыкоў «левы» і «правы» многія палітызаваныя беларусы, нібы той Месяц, свецяць адлюстраваным светам: культурныя войны (culture wars), якія ў сваім сённяшнім выглядзе нарадзіліся ў ЗША 1990х, сфарміравалі ў публікі своеасаблівае ўяўленне аб палітычных ідэалогіях і класіфікацыі палітычных поглядаў. Часта яно – недазваляльна спрошчанае, а часам увогуле бязглуздае. Крайне вольнае выкарыстанне дыхатаміі «правы-левы», у сукупнасці з састарэннем саміх гэтых тэрмінаў прыводзіць да таго, што людзі вешаюць фальшывыя ярлыкі на сябе, на іншых, блытаюцца самі і ўводзяць у зман астатніх.
Хтосьці ўклаў людзям у галаву (хутчэй за ўсё, гэта вынік павярхоўнага знаёмства з палітыкай праз сацсеткі), што носьбіт той ці іншая палітычнай ідэалогіі мусіць змяшчаць у сябе шаблонны набор якасцяў і прыхільнасцяў:
Левы: атэіст, фемініст, прыхільнік ЛГБТ, за аборты, за экалогію, за мігрантаў.
Анархіст: усё тое самае, толькі з флёрам радыкалізму і яшчэ больш бескампраміснай рыторыкай.
Правы: вернік, антыфемініст, гамафоб, супраць абортаў, супраць мігрантаў.
Як толькі адбываецца будзь-якое адступленне ад гэтай схемы, у нашага глядача здараецца кагнітыўны дысананс. Асабіста я назіраў гэта ўжо шмат разоў: варта мне было выказаць думку якая не падпадае пад шаблоннае вызначэнне «анархізм» у галаве ў назіральнікаў, на мяне сыпаліся дзясяткі (!) абураных каментараў: «Які ж ты анархіст!!!»
Гэта тыповы прыклад таго, як атмасфера і рыторыка «культурных войнаў» замяняе людзям будзь-якое разуменне палітычнай ідэалогіі.
Дык хто левы, а хто правы?
Добра, спытаемся мы: а левыя за перавагу прыватнай уласнасці ці дзяржаўнай? Большасць, не задумваючыся, адкажа: дзяржаўнай! Дык выходзіць, Саудаўская Аравія, дзе 97% нафты належыць дзяржаўнай кампаніі Saudi Aramo – гэта лявацкая дзяржава? Нягледзячы нават на строгія патрыярхальныя законы?
Ну а правыя, як вядома, за перавагу прыватнай уласнасці. Гэта мы ўсе ведаем! Чаму ж тады ў Швецыі, ледзь не эталоннай «левай» краіне 86% фірмаў – прыватныя, а тамтэйшыя міліярдэры валодаюць 70% нацыянальнага ВУП у эквіваленце?
Так, з эканомікай усё складана... Але ж можа па пытаннях культуры і ідэнтычнасці наш лева-правы компас будзе працаваць без збояў?
Правыя – антыфеміністы. За традыцыйную ролю жанчыны: каб сядзела дома, варыла баршчы і нараджала дзяцей. Але чаму ж тады а кіруючыя пасады ва ультраправых партыях нярэдка прыходзяць жанчыны? Як тая ж кіраўніца AfD Алісія Вайдэль (каб дадаць блытаніны, нагадаем што яна яшчэ і адкрытая лесбіянка, якая жыве з эмігранткай са Шры-Ланкі). Ці Джорджыя Мелоні, прэм’ер-міністарка Італіі, якая пачынала свой палітычны шлях у партыях, заснаваных паплечнікамі Мусаліні.
А як наконт такой рэчы як хрысціянскі фемінізм – досыць уплывовы ў ЗША накірунак. Ён левы ці правы?
Лібертарыянцы па ўсbх палітычных компасах – правыя. Бо яны «за прыватную ўласнасць», за зніжэнне ці нават ліквідацыю падаткаў. Але як жа тады тыя самыя лібертарыянцы агітуюць за права на аборты, свабоду для ЛГБТ, поўную свабоду інфармацыі – тыпова-левыя тэзісы?
З эміграцыяй не нашмат прасцей. Ёсць эмігранты ў першым пакаленні, якія галасуюць за антыімігранцкія партыі. Як назваць такіх людзей? Левыя? Правыя?
А можа хто-небудзь растлумачыць, чаму левыя – прыхільнікі прагрэсу і асабістай свабоды, у ЗША так зацята адстойваюць забарону на агнястрэльную зброю? Бо такая забарона кратна павялічвае ўладу дзяржавы над асобай. І тым не менш левыя ў ЗША не шкадуюць сілаў на блакаванне Другой папраўкі.
Спіс супярэчнасцяў можна працягваць бясконца. Але замест таго, каб прызнаць, што элементы з супрацьлеглых палітычных полюсаў могуць спакойна ўжывацца ў адным чалавеку, а яшчэ лепей – што само дзяленне на полюсы «левы-правы» састарэла, людзі працягваюць спрошчваць ідэйна-палітычнае поле. Спрашчаюць да банальнага невуцтва і абсурду, пачынаючы патрабаваць ад навакольнай рэчаіснасці каб яна адпавядала іхнім вульгарным стандартам.
Мой анархізм
Вось і я, як ужо казаў, ўжо збіўся з ліку, колькі раз за апошнія месяцы мне казалі, даводзілі, крычалі, што я «не анархіст!»
Нагодай папераменна было тое, што я падтрымаў Святлану Ціханоўскую, тое што я выказаўся супраць нармалізацыі абортаў, тое што я хрысціянін, тое што я, цытата, «очеловечиваю Трампа», і многае-многае іншае.
Пры гэтым, хачу падкрэсліць, абурэнне экспертаў па анархізму было і ёсць абсалютна непадробнае: «І ГЭТА АНАРХІСТ?!», «ДЫ ЯКІ ЁН АНАРХІСТ!?». Такая ўзрушаная рэакцыя ў чалавека бывае толькі тады, калі раптам, знянацку, вобраз у ягонай галаве радыкальна не супадае з рэчаіснасцю, якую ён бачыць перад сабой. Дысананс адбыўся, неадпаведнасць.
Кім жа мне трэба быць, каб мой вобраз адпавядаў таму вобразу анархіста, што знаходзіцца на адпаведнай палічцы ў галаве гэтага чалавека? Мусіць, доўгавалосым хлопцам з бутэлькай піва, які крычыць «усе дзяржавы – канцлагеры!». Тады да цябе не будзе прэтэнзій, не будзе абурэння.
Калі б гэтым людзям было цікава, то я б ім з радасцю растлумачыў, што анархізм існуе не толькі на ўзроўні палітычнай ідэалогіі а і на ўзроўні каштоўнасцяў. Што хрысціянскі анархізм – далёка не самая занядбаная са шматлікіх плыняў анархізму, што калі я лічу што для здаровага жыцця і прагрэсу грамадства ў прынцыпе не абавязковая дзяржава гэта не значыць што я не магу падтрымаць тых палітыкаў, якія тут і зараз робяць карысныя рэчы.
Я б ім гэта растлумачыў, калі б яны хацелі слухаць.
Анархізм – вельмі шырокая плынь палітычнай філасофіі. Мажліва нават самая шырокая. На ўзроўні палітычнай ідэалогіі большасць анархістаў захаду (ізноў жа, большасць, а не ўсе) гэта анарха-камуністы, якія сёння больш за ўсё заклапочаныя правамі трансгендэраў, патрабуюць вызваліць Палестыну і асуджаюць «мілітарызацыю Эўропы». Іх парадак ляжыць у агульнай канве інтэрсекцыянальных левых.
Добра гэта ці дрэнна, але я нарадзіўся ў зусім іншым гісторыка-палітычным кантэксце і мяне цікавяць зусім іншыя рэчы.
І таму мой анархізм зусім іншы. Я бачу яго як радыкальнае (хаця мне больш падабаецца слова паслядоўнае) прачытанне хрысціянскіх каштоўнасцяў, на якіх будуецца заходняя цывілізацыя: любоў да бліжняга, узаемная дапамога, прабачэнне. Дбанне перш пра свае духоўна-маральныя якасці а не падглядванне за чужымі грахамі. Клопат аб слабых.
«Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце» [Мф 7:12]. У грамадстве, дзе напоўніцу рэалізаваныя гэтыя прынцыпы дзяржава як і любая інстытуцыянальная ўлада робіцца лішнім элементам.
Зрэшты, анархізм як цэльная сістэма поглядаў узнік прыблізна напрыканцы 1860-х. Прайшло амаль 200 год. За гэты час капіталізм змяніўся да непазнавальнасці. Дзяржава змянілася да непазнавальнасці. Адносіны між людзьмі і дзяржавай – таксама. Было б дзіўна думаць, каб погляды людзей, якія жадаюць лепшага справядлівага свету, аднак, не змяніліся а засталіся замарожанымі.
А яшчэ больш дзіўна – карыстацца компасам двухсотпяцідзесяцігадовай даўніны, састарэлымі паняткамі «левы» і «правы» для навешавання ярлыкоў, якія ніяк не адпавядаюць зместу.
Механістычнае запазычванне меркаванняў з абрыўкаў прачытанага ў сацсетках ніяк не дапаможа ясней бачыць свет і прымаць у ім правільныя палітычныя рашэнні. Тыя хто так робяць, не толькі заблытваюць сябе, але і спрыяюць бязглуздай палітычнай палярызацыі, якая – ужо дакладна – не дапаможа нікому рухацца да лепшага. А вось завесці ў адваротны кірунак можа лёгка.



Я не адношу сябе да ніводнага з палітычных “крылаў”, але часткова нясу у сябе некаторыя ідэі і “левых” і “правых” і не разумею, як можна навогуле прыняць якійсь бок.
Мне, напрыклад, каб стаць левым патрэбна адмовіцца ад часткі сваёй ідэнтычнасці. І наадварот - так сама.
Накладаючы на сябе з поўнаю адказнасцю адзін з “ярлыкоў”, ты самастойна зачыняеш для сябе палову свету і робіш сябе рабом знешніх ідэй.
На вайне я працую , зразумела, не толькі з левымі та правымі беларусамі, але так сама і украінцамі, немцамі, амерыканцамі, шведамі і магу шчыра сказаць, што важка працаваць і з крайнімі левымі і з крайнімі правымі з любой краіны, яны ня хочуць бачыць пытанні з усіх бакоў і часткова цераз гэта жывуць у іллюзіях.
Прорва паміж ідэямі у беларускаму суспільстве не дае нам аб’яднацца, а новыя, універсальныя ідэі, якія будуць адказваць нашай сучаснай рэчаіснасці ніхто не генеруе. Нажаль.
Рады, што ты на воле і пішаш.
Жыве Беларусь!