Дзяржава-сэрвіс
Анархізм, які можа працаваць ужо сёння.
Мне блізкая ідэя дзяржавы-сэрвісу
Што гэта значыць?
Невялікая група дэмакратычна абраных спецыялістаў за высокае грашовае ўзнагароджанне аказвае грамадству паслугі адміністрацыйнага характару: збор падаткаў, часткова — бяспека (усё, што тычыцца цяжкіх злачынстваў і нацбяспекі), замежныя справы.
На гэтым паўнамоцтвы дзяржавы ў жыцці людзей сканчаюцца.
Ключавыя моманты тут: група павінна быць невялікай, каб не змагла самастойна ўзурпаваць уладу. Узнагароджанне за працу павінна быць вялікім, каб знізіць матывацыю да карупцыі.
Усе ж астатнія сферы жыцця грамадства могуць выдатна рэгулявацца і арганізоўвацца сеткавымі структурамі, выбудаванымі знізу, а не зверху: адукацыя, ахова здароўя, пытанні лакальнай бяспекі. І ў свеце ўжо хапае буйных структур, якія паспяхова існуюць і развіваюцца па такіх прынцыпах. Гэта і блакчэйн, і актывісцкія grassroots-сеткі, і міжнародныя групы салідарнасці. Ды практычна ўвесь пазапарламенцкі палітычны актывізм у развітых краінах — гэта нізавы актывізм добраахвотнікаў. Грамадзянская супольнасць Беларусі ў 2020 годзе якраз паказала высокую эфектыўнасць такой арганізацыі і здольнасць эгалітарных дэмакратычных структур акумуляваць велізарныя рэсурсы: грашовыя, чалавечыя, сімвалічныя.
Што тычыцца вечнага супрацьстаяння «рыначак/дзяржава», то кантроль дэмакратычных інстытутаў над камерцыйнымі прадпрыемствамі павінен узрастаць прапарцыйна памеру гэтых прадпрыемстваў. Дробныя прадпрымальнікі павінны мець поўную свабоду і сімвалічнае падаткаабкладанне. Сярэднія — пільны нагляд грамадства і ўмеранае падаткаабкладанне. Буйныя карпарацыі павінны кіравацца з удзелам працоўных і абкладацца значным падаткам. Прынцып: чым большым кавалкам пірага ты валодаеш, тым больш абавязаны дзяліцца. Гэта павінна быць замацавана заканадаўча.
Мне здаецца, гэта найбольш адэкватнае і рэалістычна магчымае ажыццяўленне анархісцкіх прынцыпаў у сучасным свеце.
Папраўка 1: усё гэта будзе працаваць толькі пры ўмовах манагеннасці каштоўнасцяў у грамадстве. Такія рэчы, як свабода асобы, ненасілле ў стасунках, давер і салідарнасць, павінны быць імператывам у свядомасці кожнага члена грамадства, ці, па меншай меры, крытычнай большасці.
Папраўка 2: пакуль такое грамадства не стане глабальным (г.зн. распаўсюдзіцца па ўсім свеце), усеагульнае права на нашэнне зброі будзе добрай страхоўкай супраць магчымай узурпацыі дзяржаўнай улады любымі арганізаванымі групамі.
* * *
Мікола Дзядок https://t.me/MDziadok
Калі вам падабаецца, што я раблю, вы можаце падтрымаць мяне праз Патреон.
